Партыя БНФ » Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў ужо год знаходзіцца за кратамі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў ужо год знаходзіцца за кратамі

Дададзена 12.04.2022 11:22:58 | 1,156 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пад арыштам ужо год. Пры гэтым сьледчых дзеяньняў у ягонай справе не было больш за 8 месяцаў, напісаў у фэйсбуку зяць палітзьняволенага палітыка Дзьмітры Антончык.

Рыгор-Кастусёў-2021Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка мінулага году паводле справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Разам з ім па справе праходзяць Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч і яшчэ некалькі чалавек.

Зянковіча і Фядуту затрымалі 12 красавіка 2021 ў Маскве, Рыгора Кастусёва — у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў аб “раскрыцці дзяржаўнага перавароту” і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні РБ, вынікае, што за “змоўшчыкамі” працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі.

Рыгор Кастусёў не прызнае віны па прад’яўленым абвінавачваньні.

Беларускія правабаронцы ў адмысловай супольнай заяве прызналі Рыгора Кастусёва палітвязьнем і запатрабавалі яго вызваленьня.

У Рыгора Кастусёва падчас знаходжання за кратамі выявілі анкалагічнае захворванне, пачаліся і праблемы кардыялагічнага плану.

17 красавіка Рыгору Кастусёву споўніцца 65 гадоў. Юбілей палітык сустракае за кратамі ўжо другі год запар. Падтрымаць вязьня можна, напісаўшы яму ліст.

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Кастусёву Рыгору Андрэевічу

 

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.