Ніну Багінскую затрымлівалі двойчы — у дзень развітання з Шушкевічам і на 9 Мая
Дададзена 11.05.2022 10:03:34 | 938 праглядаў Ніну Багінскую затрымлівалі 7 і 9 мая перад яе домам — не далі даехаць на лецішча.
У дзень 7 мая ў архікафедральным саборы праходзіла развітанне з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам.
У суботу Ніна Багінская выйшла з дому каля 9 гадзін раніцы, каб паехаць за горад.
«Тут да яе падышлі пару людзей ў цывільным. Яны з машыны выйшлі, сказалі, што ім трэба з ёй паразмаўляць. Трымалі ў Першамайскім РУУСе сем гадзін. Гэта было ў дзень, калі хавалі Станіслава Шушкевіча, — маці пра гэта і не ведала. Яе прэвентыўна затрымалі. Здаецца, яны ёй пра развітанне з Шушкевічам ва ўчастку і расказалі», — распавёў сын жанчыны.
Праз дзень гісторыя амаль паўтарылася. Ніна Багінская гэтаксама збіралася на лецішча. 9 Мая, кажа сын, яна не адзначае.
«Яе ранкам ужо чакалі, затрымалі, каб яна нідзе ў горадзе не з’явілася. Таксама трымалі цэлы дзень. Пратаколаў ніякіх не складалі».
Да лецішча Багінская ўсё ж даехала.
|