Суд па справе Людмілы Рамановіч прызначаны на 15 чэрвеняДададзена 10.06.2022 9:37:27 | 650 праглядаў 15 чэрвеня ў маларыцкім судзе распачнецца суд па крымінальнай справы актывістыкі Партыі БНФ Людмілы Рамановіч. Суддзёй выступіць Таццяна Наўмовіч. Працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.
Напачатку сакавіка Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам на сайт Адміністрацыі Лукашэнкі. Жанчына выказала пратэст супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Актывістка Партыі БНФ з Маларыты Людміла Рамановіч, былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, агучыла свае негатыўныя адносіны да вайны ва Украіне, якую развязала Расія. Жанчына таксама выказала пратэст супраць магчымага удзелу Беларусі ў братазабойчай вайне і патрабавала вывесці з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі. “Я бачу небяспеку, у якую ўвязаў нас Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь – гэта не чыёсьці там лецішча: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую вывесці чужое войска з Беларусі! Баюся, што беларускіх сыноў могуць адправіць на пагібель. Паляшук не павінен забіваць палешуку па тым баку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны ўважаць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам з украінцамі дзяліць няма чаго” – гаворыцца ў лісце Людмілы Рамановіч у адміністрацыю. 22 сакавіка жанчыну затрымалі па артыкуле 368 крымінальнага кодэкса “Абраза прэзідэнта Беларусі”. Як павеадмляюць берасцейскія правабаронцы, 4 красавіка ў хаце Людмілы Рамановіч прайшоў ператрус, а 7 красавіка яе змясцілі ў СІЗА горада Берасця. Падтрымаць Людмілу Рамановіч у зняволенні можна лістом. Адрас для лістоў: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Рамановіч Людміле Сяргееўне Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы. Таксама можна накіраваць грашовы перавод, які вязень можа скарыстаць каб набыць харчаванне ў у шапіках СІЗА. Магчымы перавод грашовых сродкаў праз інтэрнэт-банкінг і мабільны-банкінг. Выканайце грашовы пераказ (адвольны плацёж) па пазначаных ніжэй рэквізітах і не забудзьцеся ўпісаць цалкам прозвішча, імя і імя па бацьку палітвязня і СІЗА ў прызначэнні плацяжу. Людмила Сергеевна Романович — СИЗО-7 УНП: 200292322 Таксама можна даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі прысмакамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|