Людміла Рамановіч асуджаная на паўтара гады зняволенняДададзена 20.06.2022 3:20:50 | 369 праглядаў У судзе Маларыцкага раёна 20 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенай актывісткі Партыі БНФ Людмілы Рамановіч. Яе абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэкса), зробленай у лісце, які жанчына даслала ў Следчы камітэт.
“Я бачу небяспеку, у якую ўвязаў нас Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна Беларусь – гэта не чыёсьці там лецішча: каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую вывесці чужое войска з Беларусі! Украінцы нам не чужыя. І такім, як я і спадар Лукашэнка, варта падумаць аб тым, колькі ў нас украінскай крыві. Мне сорамна, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных жыхароў Украіны. Баюся, што беларускіх сыноў могуць адправіць на пагібель. Паляшук не павінен забіваць палешуку па тым баку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны ўважаць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам з украінцамі дзяліць няма чаго” – пісала ў сваёй заяве спадарыня Рамановіч. 22 сакавіка актывістку затрымалі, 4 красавіка ў доме Людмілы Рамановіч прайшоў ператрус, а 7 красавіка яе змясцілі ў СІЗА Брэста. Падчас абвяшчэння абвінавачання высветлілася, што падставай для крымінальнага пераследу актывісткі з’яўляецца слова «ўзурпатар» з яе ліста ў Следчы камітэт. Пракурор Міховіч 17 чэрвеня запрасіў суд прызначыць 57-гадовай палітзняволенай пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў. Суддзя Вольга Смірнова 20 чэрвеня агучыла прысуд: прызнаць актывістку вінаватай па ч.1 арт.368 Крымінальнага Кодэксу і прызначыць пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Людміла Рамановіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, у 2012 годзе вылучалася кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ па Белавескай выбарчай акурзе, але зняла сваю кандыдатуру па рашэнні партыі ў сувязі з нядопускам прадстаўнікоў БНФ у склад участковых выбарчых камісій і не вызваленнем палітвязняў. Таксама была вылучаная кандыдатам ад Партыі БНФ на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе. Падтрымаць Людмілу Рамановіч у зняволенні можна лістом. Адрас для лістоў: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Рамановіч Людміле Сяргееўне Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы. Таксама можна накіраваць грашовы перавод, які вязень можа скарыстаць каб набыць харчаванне ў у шапіках СІЗА. Магчымы перавод грашовых сродкаў праз інтэрнэт-банкінг і мабільны-банкінг. Выканайце грашовы пераказ (адвольны плацёж) па пазначаных ніжэй рэквізітах і не забудзьцеся ўпісаць цалкам прозвішча, імя і імя па бацьку палітвязня і СІЗА ў прызначэнні плацяжу. Людмила Сергеевна Романович — СИЗО-7 УНП: 200292322 Таксама можна даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі прысмакамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|