Юрась Дзяшук: «Кожная планёрка ў гарсавеце Бярозаўкі пачыналася з абмеркавання сацыяльных сетак»Дададзена 03.08.2022 11:22:56 | 390 праглядаў Як гэта — быць журналістам і актывістам у 10-тысячным гарадку? Чаму ў Бярозаўцы адназначна лічаць смерць Вітольда Ашурка забойствам? Журналісты пагутарылі пра гэта з актывістам БНФ з Бярозаўкі Юрасём Дзяшуком
СМІ паразмаўлялі з Юрасём пра Бярозаўку, атмасферу маленькіх гарадоў, чыноўнікаў, актывістаў і звычайных рабочых знакамітага бярозаўскага шклозаводу. «Было тры вобшукі: на двух апошніх не было чаго забіраць» — Як ты апынуўся ў Беластоку? — Чыста тэхнічна — праз Мордар (смяецца). Хоць некалі заракаўся: ніколі ў жыцці не паеду ў Расію. Давялося зламаць прынцып. На пачатку 2021-га быў суд над Вітольдам Ашуркам. Праз дзень пасля выраку мяне ўзялі на вуліцы. Апынулася: падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле 339 — «хуліганка». На судзе, калі быў абвешчаны вырак Вітольду — 5 гадоў — людзі пачалі крычаць, скандаваць на эмоцыях. Усё гэта сілавікі палічылі «хуліганствам» — крымінальным злачынствам. Нехта пайшоў сведкам, я — падазраваным. Хоць працаваў там бязгучна, як журналіст: з фоцікам і дыктафонам. — Як далося рашэнне пра ад’езд? Няпроста. Ніколі не хацеў з’язджаць. Але ж цягалі на допыты. Два разы ў ізалятары пасядзеў. Праз «паліграф» праганялі, калі нехта паклаў бетонныя слупы на чыгунцы пад Лідай. У хаце было тры вобшукі: усё забралі падчас першага. На астатніх нават забіраць не было чаго… Пасля гібелі Вітольда — 21 траўня 2021-га — зразумеў, што мой ад’езд — пытанне часу. «Вырывалі аркушы са сшыткаў, пісалі ўлёткі ад рукі» — Як ты прыйшоў у нацыянальны рух? Чаму зачапіла? — У 1995-м быў рэферэндум па змене сімволікі. Мне было 11 год, але нешта ёкнула. Яшчэ памятаю, як гуляліся з сябрам, які быў на 2 класы старэйшы, і той неяк кажа: «А ведаеш, у нас была такая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае!..». Пасля пра ўсё гэта я прачытаў у падручніку «МРБ» — «Мая Радзіма Беларусь», быў такі прадмет. Недзе ў 2000-м нас сабралася некалькі чалавек-аднадумцаў. Сябе мы лічылі «бээнэфаўцамі», хоць да партыі, вядома, не належалі. Мы былі як тыя падпольшчыкі ў савецкіх кніжках: дайце нам зброю і агітацыю (смяецца). Вырывалі аркушы са сшыткаў, пісалі ўлётку ад рукі, сілікатным клеем ляпілі на Гарсавет. Адзін лепіць — другі «на строме». — Быць «бэнээфаўцам» было не «зашкварна»? — Не, якое там. Тады не было адмоўнай канатацыі. БНФ тады ў Менску збіраў маршы па 30-40 тысяч чалавек, машыны варочалі. Гэта яшчэ па ТБ паказвалі. Быў перыяд, калі з «Краем» (спартыўна-патрыятычная арганізацыя мяжы 1990-2000-х) быў звязаны. Бегалі з хлопцамі, баксіравалі на Махначовай гары. Старэйшыя на больш сур’ёзныя вышкалы ездзілі. Мы не дараслі: арганізацыя спыніла існаванне. «Павел Ізотавіч клікаў на працу ў СБ…» — А ў журналістыку як трапіў? — У 11-м класе падумаў, што няблага пішу сачыненні: настаўніцам падабалася. Пайшоў на журфак у Мінску. Вучыўся на платным, без размеркавання, таму пастанавіў, што пайду ў незалежныя СМІ. Пісаў у «Народную Волю», «Тэлескоп», «Наша Слова», нават у камуністычную «Товарищ». У 2008-м пазнаёміўся з Янам Романам, Яўгенам Вапам, Яраславам Іванюком: пазвалі працаваць на «Рацыю». Але — забралі ў войска. Самае смешнае, што ў войску пісаў у СБ: там быў дадатак для ўнутраных войскаў, дзе я служыў. Павел Ізотавіч (Якубовіч, былы галоўны рэдактар «Савецкай Беларусі») клікаў нават на сталую працу. Пісаў у «Баявы лісток»: там рэдактарам быў Сяргей Кабаковіч, зараз прэс-сакратар СК. А вось калі напісаў у «Газету Слонімскую» — пазбавілі ўвальніцельных да самага дзембелю. — Не думаў у дзяржаўную журналістыку пайсці? — Сумленне не дазволіла. І сябры «на гражданке» не зразумелі б. Пасля войска ўсё ж пайшоў на «Рацыю». «Адной рукой трымаеш фоцік, другой — крыж, трэцяй — дыктафон…» — Як гэта: быць незалежным журналістам без акрэдытацыі ў малым гарадку? — Калі жывеш у 10-тысячнай Бярозаўцы і падымаеш нейкія праблемы, то міжволі стаеш актывістам. Да БНФ я ж далучыўся яшчэ падчас вучобы ў Менску. — Чым менавіта займаўся? — Адразу пасля войска і да ад’езду адпрацоўваў усе выбарчыя кампаніі. Прэзідэнцкія, парламенцкія, мясцовыя. Збор подпісаў, назіранне, інфармацыя. Нехта меўся пісаць, як гэта адбываецца ў Бярозаўцы, Наваградку ці Дзятлаве. Аднаўлялі крыжы паўстанцаў 1863-га году. Гэта ўжо калі Вітольд далучыўся. Хлопцы ставяць той крыж, а ты — адной рукой дапамагаеш, другой трымаеш фоцік, трэцяй — дыктафон (смяецца). «Вітольд Ашурак — ідэальны беларус» — Кім для цябе быў Вітольд Ашурак? — Можа, пафасна… Ідэальным беларусам. Ён прыйшоў у рух рускамоўным: пасля Акрэсціна ў 2010-м. Хутка вывучыў беларускую мову, гісторыю. Маючы 9 класаў і няскончаную ПТВ, разбіраўся ў шматлікіх пытаннях лепш, чым увесь Гарсавет. Ён быў гнуткім у асабістым плане, але — сталёвым, калі пытанне тычылася Беларусі, прынцыпаў. У Бярозаўцы яго ведалі і паважалі. Нават ворагі. — Як гэта выглядала? — Скажам, Вітольд рэгулярна насіў вянок з калючага дроту і чарапоў да помніка Леніну. Лічыў, што на гэтым месцы мае быць помнік Юліюшу Столле — заснавальніку шклозавода ў горадзе. У Бярозаўцы людзі дзяліліся на тры катэгорыі. Адны казалі: «Малайчына, правільна робіш!». Іншыя: «Мы цябе паважаем, але Ленін хай стаіць». І нават трэцяя катэгорыя, якія не разумелі яго абсалютна, паважалі за тое, што змагаўся супраць шкловаты. — А што за кейс са шкловатай?
— Вітольда пазнавалі ў горадзе? — Безумоўна. Дастаткова было сказаць «Вітольд» — усе разумелі, пра каго мова. Нават зараз, калі прыйдзеш на могілкі і спытаеш пра магілу, цябе або завядуць за руку, або — падкажуць, маўляў, «там, дзе найбольш белых і чырвоных кветак»… — Атрымліваецца, людзі ведалі і падтрымлівалі, але не далучаліся? — Наш касцяк быў меншым за дзясятак чалавек. Маленькі горад: ёсць страх згубіць працу. Усе баяліся публічнасці. Разам з тым, на вуліцы падыходзілі цалкам незнаёмыя людзі са сваімі праблемамі: агучце, напішыце. «Калі не прыбярэ ЖКГ, то смецце занясём пад Гарсавет» — То бок журналіст ці актывіст праз публічнасць быў «рашалам»? — Так. Былі гісторыі, калі праз СМІ ці сацсеткі праблема вырашалася за дзень. Неяк ЖКГ адмовілася ад прыборкі ўчастка, маўляў, хай прыватнік прыбірае. Я напісаў. Было абмеркаванне — у «Вконтакте». Вітольд адкаменціў: калі не прыбяруць, то прыбяром самі, а смецце занясём пад Гарсавет… На наступны дзень а 6-й ранку там ужо было чыста!
— Вы ж, напэўна, асабіста ведалі і міліцыянтаў, і чыноўнікаў, не? — Так і было. У Бярозаўцы — адзін пункт аховы правапарадку. Там шасцёра (!) супрацоўнікаў: старэйшы ўчастковы, яго замы па сектарах і адзін інспектар па справах непаўнагадовых. Усё! Таму яны віталіся ў крамах, звярталіся: «Юры Віктаравіч», «Вітольд Міхайлавіч». Чыноўнікі дык наогул віталіся першымі заўжды. Нават у Лідзе. Антыпатыя адчувалася, але нянавісці не было. «У жніўні 20-га выйшаў кожны дзясяты жыхар Бярозаўкі» — 2020-ты шмат што змяніў? Як гэта выглядала ў Бярозаўцы? — Думаю, таксама як і ў іншых маленькіх гарадах. У траўні-чэрвені мы стаялі на пікетах за Губарэвіча пад бел-чыворна-белым сцягам. Разумелі, што гэтыя подпісы ні да чаго, але сцяг мае лунаць над горадам. Так лічыў Вітольд. Ён быў перакананы, што дзе збіраюцца беларусы, там мае быць і сцяг. Міліцыянты ездзілі побач, нават дакументы не правяралі.
— А пасля 9 жніўня як было? — Спачатку верылі, што прагаласуюць і гэта спрацуе. Але паўсюдна Лукашэнку намалявалі па 87-90%. Выйшлі ўжо 13 жніўня і далей рэгулярна. 100-200, 300-400, а на піку — 1000 чалавек. То бок кожны дзясяты жыхар Бярозаўкі! Калоны збіраліся па 80 аўто, байкеры на матацыклах, дзеці, сталыя людзі. Пасля ўсё пачало затухаць. Пасля — першы хапун. Калі ўсё задушылі ў Лідзе, «чорныя» (АМАП) дабраліся і сюды. Вітольда жорстка збілі і пасадзілі яшчэ 9-га ў Лідзе. Далі 15 сутак і пяць — за непавагу да суду. Той адмовіўся вызнаваць суд, які яго судзіў. Праз месяц, дні за тры да ягонага канчатковага арышту, мы ішлі па Бярозаўцы з касцёла. Вечар. Цёпла. Бабіна лета. Ён ведаў, што на яго завялі 342-гі артыкул. Куча пратаколаў з суткамі: пяць ці шэсць. Кажу яму: «З’язджай». Ён адказвае: «Чаму я маю з’язджаць, я не злодзей! Хай яны з’язджаюць». «На пахаванні была ўся Беларусь» — 21 траўня 2021-га Вітольд загінуў у калоніі. Як Бярозаўка гэта ўспрыняла? — Усе ведалі, што яго пасадзілі на пяць год. Некаторыя казалі: «Пасадзілі і пасадзілі, цябе, Дзяшук, таксама пасадзяць!». Калі прыйшла навіна пра гібель — быў шок. Людзі не мелі сумневаў, што гэта забойства. Калі мяне бачылі на вуліцы, падыходзілі са словамі спачування, распытвалі. Ведалі, што мы былі блізкімі сябрамі. А яшчэ ведалі, што не будзе каму больш супрацьстаяць чыноўнікам. Не будзе каму змагацца са шклаватай ці прыбраць смецце. Не будзе каму падняць той сцяг…
У той самы дзень мяне сустрэла незнаёмая жанчына, кажа: «Юра Дзяшук!». Адказваю: «Добры дзень, я». Яна кажа: «А нам на заводзе сказалі, што вас пасадзілі…». Гэта я акурат ішоў на пахаванне. Такое. «Горад для жыцця, а не для чыноўнікаў» — Якой бы ты хацеў бачыць ідэальную Бярозаўку? — Я ведаю, што вярнуся ў тую ж Бярозаўку, з якой з’ехаў. Не ў лепшую, а мо і ў горшую. Але кейс у тым, каб зрабіць яе лепшай. Тут, у Беластоку, я магу падглядзець нейкія рашэнні: веласцежкі, ходнікі, клумбы. А мо і ў Гайнаўцы ці Бельску Падляскім, якія больш адпавядаюць па памеры. Невялікі горад таксама можа быць камфортным. Горадам для жыцця, а не для чыноўнікаў. Бярозаўка — гэта мая Беларусь у мініяцюры. Я хачу, каб добра было не ў Мінску ці Лідзе, а там. А яшчэ ў Бярозаўцы абавязкова мае быць помнік Юліюшу Столле, пра які марыў Вітольд. Ну і ў гонар самога Вітольда — бюст, шыльда на доме ці вуліца. Каб была памяць. Не накінутая звонку, але свая, зразумелая і блізкая мясцовым людзям. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|