Партыя БНФ » Пяты дзень суда па справе “аб змове”: выступіла сведка Вольга Абрамава
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пяты дзень суда па справе “аб змове”: выступіла сведка Вольга Абрамава

Дададзена 05.08.2022 12:01:35 | 410 праглядаў

Мінскі абласны суд 4 жніўня ў выязным пасяджэнні (у будынку Мінскага райсуда) працягвае разглядаць “справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.  На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябры партыі Вольга Галубовіч і Юры Зянковіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка.

суд 29.07На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — не прызнаў, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам.

Як перадае расейскае інфармагенцтва Sputnik з залы суда Мінскага раёна, пяты дзень суда па “справе змоўшчыкаў” пачаўся з допыту сведак. Першымі пачалі даваць паказанні ў судзе сведкі, якіх выклікаў бок абвінавачвання. Паказанні ў судзе даў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч, ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі. Адказваючы на пытанні пракурора, муж абвінавачанай пацвердзіў інфармацыю аб тым, што яго жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як ўстанавіла следства, ішлі на аплату штрафаў пратэстоўцаў. Паводле яго словаў, за паслугі Вользе Галубовіч плацілі кожны месяц па 200 даляраў. Муж Галубовіч таксама распавёў суду, што чуў інфармацыю пра тое, што Зянковіч планаваў ствараць у Беларусі “партыю візіянераў”.

На судзе ён адзначыў, што папярэджваў жонку, каб яна “баялася ўключэння ў палітычную дзейнасць”. Муж Галубовіч удакладніў, што грошы ад Зянковіча яны хавалі ў выглядзе “закладак”, у тым ліку адна з іх была на могілках, там яны схавалі пяць тысяч даляраў.

Абвінавачаны Краўчук у судзе заявіў, што пазнаў сведку — ён з ім сустракаўся пару разоў у верасні 2020 года, атрымаў грошы ў памеры двух тысяч даляраў, пасля чаго адвёз іх на вакзал і паклаў у ячэйку камеры захоўвання.

Таксама сёння ў суд для дачы паказанняў выкліканая сведка з боку абароны Аляксандра Фядуты былая дэпутатка беларускага “парламенту” Вольга Абрамава. Яна распавяла суду, што знаёмая з Фядутам з 1993 года, тады яны пазнаёміліся ў кулуарах тэлестудыі, калі прымалі ўдзел у перадачы. Паводле яе словаў, Фядута ўжо тады выказваўся за мірныя рэформы.

“Ён чалавек тонкай душэўнай арганізацыі і старамоднага этыкету. Ён заўсёды пры сустрэчах з жанчынамі цалаваў ім ручкі”, — сказала Абрамава.

Яна адзначыла, што Фядута не быў радыкалам і не імкнуўся да ўлады, гэта не было яго мэтай:

“Фядута — чалавек прынцыпаў, ён заўсёды быў прыхільнікам мірных пераменаў і ніколі не імкнуўся да ўлады. Улада ніколі не была самамэтай. Ён ніколі не быў радыкалам”.

Адказваючы на пытанне пракурора, Абрамава заявіла, што, на яе думку Фядута ніколі не помсціў за тое, што яму давялося больш за 20 гадоў таму сысці з пасады з адміністрацыі прэзідэнта. Яна таксама выказала сваё стаўленне да таго, што ён быў затрыманы:

“У мяне быў шок, як ён мог здзейсніць такое глупства з такой структурай асобы”.

На яе думку, яго ў гэта злачынства уцягнуў Дзмітрый Шчыгельскі. Адказваючы на пытанне пракурора для чаго яму патрэбны быў Фядута, Абрамава сказала: “Мазгі”.

Сузаснавальніка прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім Telegram-канала “Nexta” Рамана Пратасевіча будуць выклікаць у суд па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту для дачы паказанняў у якасці сведкі, перадае Sputnik. Пра гэта стала вядома, калі ў судзе дзяржаўны абвінаваўца абвяшчаў матэрыялы справы. Пакуль дата выкліку ў суд Пратасевіча не вызначаная.

Дзяржаўны абвінаваўца абвясціў у судзе раздрукоўкі гутарак абвінавачанага па справе аб спробе перавароту Юрыя Зянковіча з грамадзянінам ЗША Дзмітрыем Шчыгельскім, якія яны вялі падчас сваіх “відэаўрок”. Па словах пракурора, за ўвесь час такіх “перадач” было 46. Лекцыі, падчас якіх Шчыгельскі і Зянковіч абмяркоўвалі варыянты звяржэння ўлады ў Беларусі, трансляваліся ў 2020 годзе. Як вынікае з зачытанага дзяржабвінаваўцам матэрыялу, падчас гутарак Шчыгельскі і Зянковіч заяўлялі, што мірны шлях для “звяржэння рэжыму” ў Рэспублікі непрымальны.

“Мірныя пратэсты — гэта проста форма самамазахізму, накіраваная на папаўненне бюджэту”, — зачытаў пракурор выказванне Шчыгельскага. Час, калі мела месца гэтае выказванне, не ўдакладняецца, таксама як і кантэкст. 

У гутарках заяўлялася, што аксамітныя рэвалюцыі не для Беларусі, а акрамя вырашэння пытання аб сілавым варыянце захопу ўлады трэба таксама заклікаць да ўвядзення эканамічных санкцый. Частка дыялогаў паміж Шчыгельскім і Зянковічам, якія абвяшчаюцца ў судзе, прысвечаныя Мікалаю Аўтуховічу.

“Сёння мы будзем казаць пра Аўтуховіча, які падпальваў машыны і вітрыны, мы можам успомніць пра Дзядка, анархістаў, якіх затрымалі каля мяжы і якіх ужо ніхто не ўспамінае. А гэта тыя метады супраціву, якія могуць працаваць”, — зачытаў словы Шчыгельскага пракурор.

Пры гэтым паводле пракуратуры Зянковіч цалкам падтрымлівае дадзены пасыл Шчыгельскага.

“З Мікалаем Аўтуховічам я асабіста знаёмы далёка не першы год, вельмі паважаю гэтага чалавека. Не хаваю, што ў верасні (2020 года) я з ім сустракаўся і абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі. Аўтуховіч лічыць, што сітуацыю можа змяніць народны трыбунал”, — працытаваў дзяржабвінаваўца Зянковіча.

Шчыгельскі ў сваю чаргу адзначыў, што Аўтуховіч, несумненна, паважаны чалавек, які разумее, што “шарыкамі і кветачкамі гэты рэжым не сковырнуть“. Пры гэтым ён называе Аўтуховіча “героем беларускай рэвалюцыі”.

Рэпартажы з суда:

Першы дзень

Другі дзень

Трэці дзень

Чацьверты дзень

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб “раскрыцці дзяржаўнага перавароту”.

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб “захопе ўлады” праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб “захопе ўлады” праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (па “народным артыкуле 342″). За кратамі “змоўшчыкаў” утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Рыгора Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне.

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.