Партыя БНФ » Чаму расійская армія настолькі слабая?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Чаму расійская армія настолькі слабая?

Дададзена 24.09.2022 1:59:32 | 392 праглядаў

Сем месяцаў вайны паказалі слабасць расійскай арміі. Нядаўняе паражэнне на Харкаўскім кірунку ўразіла нават тых, хто ў міф пра «другую армію свету» і не верыў. Вайсковы аналітык Ян Мацвееў лічыць гэтае паражэнне заканамерным і тлумачыць, як так выйшла і што з расійскім войскам не так.

34Камандаванне і сінхранізацыя дзеянняў

Мацвееў кажа, што з першых дзён вайны было заўважна, што ў расійскай арміі ёсць праблемы з кіраваннем, з тактычнымі, стратэгічнымі рашэннямі. Цяпер гэтыя праблемы выявіліся яшчэ мацней і прывялі да такіх катастрафічных для пуцінскага войска вынікаў.

Расійская армія — гэта не адзінае вайсковае фармаванне, якое ваюе ва Украіне. Ёсць таксама найміты так званай ПВК Вагнера, якія спрабуюць наступаць на Усходнім фронце, набіраюць зэкаў, узялі Вуглягорскую ЦЭС. Таксама ёсць апалчэнне акупаваных тэрыторый — «ДНР» і «ЛНР». Нядаўна паступіла пацвярджэнне таго, што войскі Расгвардыі знаходзяцца ва Украіне і па сутнасці паўнавартасна там ваююць, а не проста ў тыле наводзяць парадак, ахоўваюць нешта.

«І вось у гэтым корань праблем, таму што калі ў цябе ёсць адна нармальная арганізацыя, якая называецца армія, — у яе ёсць выбудаваная сістэма кіравання. Калі ў цябе некалькі незалежных арганізацый, а яны па сутнасці незалежныя адна ад адной, у цябе паўстае праблема камунікацыі, паўстае праблема кіравання», — кажа Мацвееў.

Гэтыя ўсе падраздзяленні дрэнна адно з адным узаемадзейнічаюць.

Аналітык прыводзіць нядаўні прыклад. Калі Украіна пачала наступаць, спачатку пад удар патрапілі падраздзяленні АМАПа, САХРа. Але пры гэтым расійскія вайсковыя падраздзяленні не прыйшлі ім на дапамогу. Чаму амаль суткі ўкраінцы прабівалі абарону, але ніхто на дапамогу расійскім падраздзяленням не прыйшоў, хоць там было зусім недалёка — 60—70 км і можна было падцягнуць рэзервы?

На думку Мацвеева, гэтага не зрабілі менавіта таму, што не было нармальнага адзінаначалля, не было аднаго генерала, які б сядзеў зверху і глядзеў: ага, тут у мяне пайшла атака, гэтыя часці ідуць туды, гэтыя — туды, і прыняў бы рашэнне аб падмацаванні.

«І гэта адбываецца ўсюды. «Элэнэраўцы, дээнэраўцы скардзяцца, што іх не туды пасылаюць ваяваць, некаторыя наогул у Херсонскай вобласці ваююць», — распавядае аналітык.

Мацвееў кажа, што расійская армія наогул незразумела чым займаецца. У Ізюме, Балаклеі яна знаходзіцца яшчэ з вясны. Часу выставіць абарону было поўна. Расійская армія павінна ўмець гэта рабіць — абараняцца. Яна для гэтага створаная — атакаваць, абараняцца. Але яна гэтага не зрабіла.

І гэтая адсутнасць сістэмы, кажа Мацвееў, у такія ключавыя моманты сябе і праяўляе.

Праблемы з выведкай

Паражэнне на Харкаўскім напрамку — вялікі правал расійскай разведкі, лічыць Мацвееў і вялікае дасягненне ўкраінскай контрразведкі па ўтойванні наступу.

«Праглядзелі літаральна ў сябе пад носам вялікую колькасць украінскіх войскаў», — кажа ён.

Тэхніка

Мацвееў кажа, што на відэа з захопленай расійскай тэхнікай бачна, што там было шмат неадрамантаванай тэхнікі — танкі без рухавікоў, з іржавымі карпусамі. Гэтую тэхніку не змаглі ці не захацелі адправіць у тыл на рамонт. «Калі ты адпраўляеш у тыл 10 зламаных БМП, ты павінен сказаць: у мяне зламалася 10 БМП. І з цябе потым спытаюць. І генерал такі, 10 БМП у мяне яшчэ засталося, навошта я буду даваць справаздачу, што ў мяне столькі зламанай тэхнікі, ну пастаіць яна, якая розніца, ніхто і не заўважыць, — мадэлюе Мацвееў. — І ўсе думалі, што баяздольнасць у іх нармальная».

Маўчанне і ашуканства

Яшчэ адна праблема — у тым, што ў расійскай арміі прынята рабіць выгляд, што ўсё ідзе па плане і ўсё добра. «Мы ж памятаем, як яны ўвесь час распавядалі, што ў іх усё добра. Нават калі ідуць нейкія ўкраінскія атакі або расійскія няўдалыя атакі, яны кажуць, што ўсё добра. Адмаўляюць да апошняга моманту, як тую ж Маскву [патанулы расійскі крэйсер] адмаўлялі, тыя ж выбухі ў Крыме… Маўчанне, адмаўленне — гэта для іх нармальна».

Верагодна, мяркуе эксперт, гэта адыграла сваю ролю ў Харкаўскай вобласці. Магчыма, генерал, якога атачалі, спачатку перадаваў наверх нешта кшталту «ну так, ідуць баі, але мы адбіваемся, усё добра». І ўмоўны Герасімаў: ну оk, у іх усё добра, хлопцы справяцца, не будзем ім дасылаць рэзервы.

«Такі комплекс праблем прывёў да падобнай катастрофы ў Харкаўскай вобласці», — кажа Мацвееў.

Праблемы з афіцэрскім складам

Мацвееў кажа, што ў расійскай арміі вялікія праблемы з папаўненнем. Дастаткова згадаць аб’явы ў псіхдыспансеры ў Пецярбургу з запрашэннем ісці ваяваць. Чэргаў каля ваенкаматаў не назіраецца. Рэгіянальныя батальёны набіраюць лічаную колькасць людзей.

Але пры гэтым адна справа — «падрыхтаваць мужыка з аўтаматам, які будзе гарматным мясам, і іншая справа — падрыхтаваць афіцэра». Калі паглядзець на графікі, якія публікуюць СМІ па інфармацыі з адкрытых крыніц, а гэта значыць, лічбы моцна заніжаныя, у расіян ужо 6500 пацверджаных загінулых вайскоўцаў, з іх пад 1000 — афіцэры. Больш за 700 чалавек — афіцэры ніжэйшага звяна — лейтэнанты, капітаны, тыя хто камандуе непасрэдна на полі бою, вядзе свой узвод, роту ў бой, кажа: сюды ідзі, сюды не ідзі, тут кулямёт паставіць, сюды з аўтаматам пабяжым, тут акоп капаць, тут не капаць. Калі ў цябе няма такога прафесійнага чалавека, то, натуральна, твая баяздольнасць будзе падаць.

Верагодна, мяркуе Мацвееў, у расійскай арміі цяпер павышаюць сяржантаў і старшын да афіцэраў, ну ці проста прызначаюць на афіцэрскія пасады. Але гэта праблему не вырашае.

«У любым выпадку, тыя афіцэры, якія пачыналі вайну ў расійскай арміі, яны былі, безумоўна, лепшыя за тых, хто цяпер камандуе», — лічыць ён.

І, вядома, гэта вельмі моцна ўплывае на баяздольнасць. Калі камандзір некампетэнтны, пад яго камандаваннем загінуць усе, і ніякага выніку не будзе.

Што можа выправіць расійская армія

Мацвееў кажа, што расійская армія вучыцца, «яны навучыліся не хадзіць калонамі проста так па тэрыторыі праціўніка, навучыліся не закідваць дэсант на верталётах невядома куды, каб яго расстрэльвалі ва ўпор. Яны навучыліся падвозіць снарады, навучыліся, што трэба канцэнтраваць артылерыю. Магчыма, яны паступова навучыліся неяк размяркоўваць свае склады цяпер. Але гэта ўсё адбываецца павольна», — гаворыць ён.

Праблемы расійскай арміі ўпіраюцца ў фундаментальныя праблемы РФ, таму выправіць іх не так проста.

«Тая ж карупцыя… Яны ж не заменяць генералаў на сумленных, таму што сумленных проста няма», — кажа ён.

«Праблема лагістыкі наогул практычна не вырашальная ў агляднай будучыні, таму што трэба перабудоўваць усю вайсковую сістэму, усё гэта перабудоўваць хутка немагчыма, я думаю, нават за зіму яны не змогуць вырашыць», — кажа Мацвееў.

Прасцей вырашыць праблему з папаўненнем: абвясціць мабілізацыю хоць бы ў некаторых рэгіёнах, калі не па краіне. Можна салдат тэрміновай службы адпраўляць на фронт, абвясціўшы, што радзіма ў небяспецы. Афіцэраў можна выпусціць на год раней з вучылішчаў.

«Але ў цэлым гэта не вырашыць агульную фундаментальную праблему расійскай арміі. Вырашыць гэтую праблему можна толькі адным спосабам — скончыць вайну, вывесці ўсе войскі і цалкам рэфармаваць войска, пра што кажуць яшчэ з часоў Сердзюкова. Армія як была савецкай, так і засталася. Яна не атрымала сучаснай зброі, не атрымала ніякай сучаснай тактыкі, усе генералы — савецкай школы, думаюць савецкімі дактрынамі, прычым у найгоршых праявах», — кажа Мацвееў.

Паводле яго, расійская армія застыла ў псеўдасавецкім выглядзе, у самым горшым варыянце канца васьмідзясятых гадоў, яна не перабудавалася. «І мы бачым, што цяпер Украіна ваюе, у тым ліку, сучаснай зброяй, ну і як мінімум прымяняе тыя ж савецкія танкі, але сучаснымі метадамі вядзення вайны. Напрыклад, танк не проста едзе, а перад ім ляціць беспілотнік. А перад расійскім танкам не ляціць беспілотнік, таму што ў савецкіх інструкцыях нічога не сказана пра беспілотнік. Гэта трэба выпраўляць. Але гэта, вядома, немагчыма выправіць падчас вайны, ва ўсякім выпадку, кароткай. Калі вайна зацягнецца на 10 гадоў, тады ўсё магчыма, але я думаю, што такога не будзе», — кажа Мацвееў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.