Партыя БНФ » Крызіс АДКБ: адныя прычыны рэальныя, іншыя — прыдуманыя
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Крызіс АДКБ: адныя прычыны рэальныя, іншыя — прыдуманыя

Дададзена 27.11.2022 10:55:56 | 417 праглядаў

У пазыцыі афіцыйнага Менску адносна АДКБ ёсьць прыкметныя супярэчнасьці. І з часам яны ўсё больш выяўляюцца – піша аналітык Валер Карбалевіч.

эўразійскі саюзПра тое, што АДКБ перажывае крызісныя моманты, у Ерэване першым сказаў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей. Прычым адной з прыкметаў крызісу ён назваў тое, што чальцы АДКБ не падтрымалі Беларусь у яе канфлікце з Захадам.

А потым падчас саміту АДКБ Лукашэнка быў вымушаны прызнаць, што з гэтай арганізацыяй нешта ня так. «Невыпадкова сёлета мы правялі чатыры сустрэчы — як у фармаце відэаканфэрэнцыі, так і вочна. І пакуль падстаў для аптымізму, на жаль, у нас няшмат», — заявіў ён.

Аднак у пазыцыі афіцыйнага Менску адносна АДКБ ёсьць прыкметныя супярэчнасьці.

Вось Макей папракае саюзьнікаў у тым, што Беларусь не падтрымліваюць. Лукашэнка кажа: «Нам жыцьцёва важна ўмацоўваць згуртаванасьць і салідарнасьць унутры АДКБ, часьцей зьвяртацца да дапамогі адно аднаго і не шукаць яе на баку».

Гучыць вельмі ўзьнёсла і, на першы погляд, лягічна. Аднак возьмем кейс азэрбайджана-армянскага канфлікту. З выступу Лукашэнкі відаць, што прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян не задаволены тым, што АДКБ не прыйшла армянам на дапамогу: «Мы не ў баку. Мы ня так, як сказаў тут Нікол Ваваевіч, што АДКБ не ўтрымала Азэрбайджан ад агрэсіі. Ня нашая справа кагосьці ўтрымліваць».

Тады ўзьнікае лягічнае пытаньне: навошта існуе АДКБ, калі не для таго, каб падтрымліваць сваіх чальцоў? І ці дарэчы ў такім разе выказваць прэтэнзіі ў адрас іншых сяброў арганізацыі, што яны не падтрымліваюць Беларусь?

Другая праблема больш важная. Чым Лукашэнка тлумачыць крызісныя зьявы ў дзейнасьці АДКБ? Вельмі простай прычынай: інтрыгамі, злавеснымі дзеяньнямі Захаду. Ён кажа: «Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі, што грамадзтвы ўнутры нашых краін спрабуюць разгойдваць — якраз па пэрымэтры Расейскай Фэдэрацыі. Спачатку палыхнула Ўкраіна, у 2020 годзе спрабавалі разбурыць Беларусь. Мы праз гэта прайшлі, беларусы. У студзені сёлета — Казахстан (добра, што там кіраўніцтва Казахстана справілася з гэтым канфліктам). Канфлікт Армэніі і Азэрбайджану».

То бок усе праблемы і канфлікты на постсавецкай прасторы Лукашэнка тлумачыць умяшаньнем Захаду. Інакш кажучы, той прапагандысцкі наратыў, прымітыўную кансьпіралёгію, якую прасоўваюць беларускія і расейскія тэлеканалы, ён імкнецца перавесьці ў рэальную палітыку і на на ёй грунтаваць нейкія дзеяньні. Гэта вельмі дзіўна. Лукашэнка імкнецца навязаць паралельную карціну сьвету іншым лідэрам АДКБ. І вельмі зьдзіўляецца, чаму яны не рэагуюць. Працяглае жыцьцё ва ўласным ілюзорным сьвеце накладае свой адбітак на сьвядомасьць. І ён пачынае блытаць прапаганду і рэальную палітыку.

Лукашэнка ня хоча зразумець, што крызіс АДКБ ёсьць найперш вынікам імпэрскай палітыкі Расеі, якая пралічылася з Украінай, у выніку чаго становіцца крыніцай праблем для іншых чальцоў гэтай арганізацыі.

Нагадаем, што Партыя БНФ паводле сваёй праграмы патрабуе выхаду Рэспублікі Беларусь з АДКБ і выступае за пабудову новай архітэктуры нацыянальнай бяспекі з апорай на супрацу з краінамі Эўраатлянтычнай супольнасьці.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.