Партыя БНФ » Юрася Зянковіча ізноў судзяць – цяпер за абразу прадстаўніка ўлады
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Юрася Зянковіча ізноў судзяць – цяпер за абразу прадстаўніка ўлады

Дададзена 27.12.2022 2:04:54 | 226 праглядаў

27 снежня ў судзе Мядзеля пачаўся разгляд новай судовай справы палітзняволенага сябры БНФ Юрыя Зянковіча аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага Кодэкса). Працэс вяддзе суддзя Аляксандр Шутко.

Інфармацыя пра суд з’явілася ў раскладзе Вярхоўнага суда Беларусі.

Паводле артыкула 369 Крымінальнага Кодэкса Юрасю Зянковічу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі ў дадатак да ўжо прысуджанага тэрміну ў 11 гадоў зняволення.

Нагадаем, юрыста і сябру Партыі БНФ Юрыя Зянковіча асудзілі 2 верасня 2022 года па “справе змоўшчыкаў” да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Юрась Зянковіч абывае пакаранне ў калоніі ў Бабруйску ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Як паведамляюць дзяржаўныя прапагандысцкія крыніцы, у перыяд 2020-2021 гадоў Юрась Зянковіч, маючы намер публічна прынізіць прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, неаднаразова, з пачуцця помсты, у тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім, пад сваім імем размяшчаў абразлівыя выказванні. Такім чынам, выкарыстоўваючы непрыстойныя выразы, ён, маўляў, хацеў прадставіць праваахоўнікаў Мядзельскага раёна ў непрывабным святле. Сярод пацярпелых — трое чалавек, якія, як чакаецца, 28 снежня дадуць паказанні ў судзе Мядзельскага раёна.

Па хадайніцтве дзяржабвінаваўцы, суддзя прыняў рашэнне весці працэс ў зачыненым рэжыме.

– Усё, як і было раней, па прад’яўленым абвінавачанні нічога новага. Паступіла хадайніцтва пракурора, каб слуханне мела закрыты характар, суд яго задаволіў. Адпаведна нейкія падрабязнасці выдаваць я не магу. У прынцыпе пазіцыя абароны нязменная. У межах справы будуць запрошаны сведкі, якія пацярпелі. З нашага боку сведкі таксама будуць, зараз гэтае пытанне вырашаецца, – так пракаментаваў адвакат абвінавачанага першы дзень судовага пасяджэння. На ягоную думку, доказаў віны падабароннага па гэтай справе няма.

– Не вядомае ані месца, ані час, ані тое, хто канкрэтна адпраўляў гэтыя паведамленні. Гэта нічым не пацвярджаецца практычна. А ўсе сумневы павінны тлумачыцца на карысць майго падабароннага. Падчас судовага паседжання і на следстве ён назваў некаторых людзей, хто меў доступ да ягоных гаджэтаў. Плюс, хто меў свабодны доступ да ягонага кампутара ў офісе, дзе быў усталяваны працоўны тэлеграм. Далёка не адзін чалавек мог адправіць з яго інфармацыю, – адзначыў абаронца Зянковіча ў каментары дзяржаўным СМІ.

Вядома, што Юрась Зянковіч не прызнае прад’яўленага яму абвінавачвання.

Гэта не першая справа, калі палітзняволеных , раней асуджаных па іншых артыкулах, нанова судзяць паводле дыфамацыйных артыкулаў. Так, 15 снежня стала вядома, што палітвязняў Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча ўзбуджаны новыя крымінальныя справы за абразу пракурора. 26 кастрычніка 2022 года раней асуджанага палітзняволенага блогера і паэта Улада Савіна зноў асудзілі, цяпер за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) на два гады калоніі. Агулам Улад правядзе за кратамі 10 гадоў.  Юрыя Зянковіча дадалі ў спіс “тэрарыстаў”, таму грашовыя пераводы яму забароненыя.  Падтрымайце палітвязня лістамі : СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Юрый Леанідавіч Зянковіч)

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.