Пайшоў з жыцьця актывіст Партыі БНФ з Пінску Алесь Аўсеенка
Дададзена 06.01.2023 6:57:39 | 242 праглядаў Сумная вестка прыйшла з Пінску: ня стала Алеся Аўсеенкі.
Алесь Аўсеенка быў вядомым пінскім актывістам, сябрам Партыі БНФ і руху БНФ “Адраджэньне”.
З 1990 па 1999 гады ён быў дэпутатам Пінскага гарадскога савета, вылучаўся ад Партыі БНФ на выбарах, быў дэлегатам ад Пінску на Кангрэсах дэмакратычных сілаў і Зьездах Партыі БНФ.
Аўсеенка быў пастаянным удзельнікам апазіцыйных рэжыму Лукашэнкі мерапрыемстваў у Пінску, яго неаднаразова за гэта судзілі.
У 2017 годзе, падчас суда за ўдзел у «недармаедскіх» акцыях, ён дамогся, каб працэс вёўся па-беларуску. Тады у выніку шматлікіх судовых разглядаў у розных інстанцыях яго пакаралі штрафам у 20 базавых адзінак за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
У 2006 годзе Пінскі гарадзкі суд аштрафаваў яго на 50 базавых велічыняў, прызнаўшы вінаватым у перавозе празь беларуска-ўкраінскую мяжу забароненых да распаўсюду налепак і агітацыйных матэрыялаў дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі. .
Алеся Аўсеенку пахавалі 6 студзеня на Пасяніцкіх могілках.
|