У Слоніме судзіцьмуць сябру Сойма БНФ Паўла Севасцяна
Дададзена 13.01.2023 6:00:33 | 297 праглядаў Днём 11 студзеня каля пад’езда дома на вуліцы Яршова ў Слоніме работнікі міліцыі затрымалі слонімскага актывіста, сябру Сойму Партыі БНФ Паўла Севасцьяна.
— Недзе ў гадзін 14-ць я ішоў дамоў, калі ля пад’езда дома пачуў вокрык: “Стой!”. Калі азірнуўся, то ўбачыў, што трое ў балаклавах бягуць у мой бок. На мяне надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі ў райаддзел міліцыі. У міліцыі сказалі, што затрымалі за захоўванне ў Фэйсбуку матэрыялаў, якія прызнаны экстрэмісцкімі. Паказалі на маёй старонцы ў Фэйсбуку некалькі фотаздымкаў ранейшых гадоў, тады пра экстрэмізм яшчэ і размоў не было. Потым участковы склаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП, і мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары на ноч не выдалі матрац, сказалі, што тым, хто сядзіць па такім артыкуле, як у мяне, матрацы не выдаюць. Раніцай быў суд тут жа ў ізалятары, па скайпу. Я заявіў хадайніцтва пра пошук адваката, якое суддзя задаволіў, і мяне выпусцілі да наступнага судовага паседжання, —
расказаў Павал Севасцьян.
Наступнае судовае паседжанне па справе слонімца прызначана на 20 студзеня. Пачатак у 10.30 у судзе Слонімскага раёна.
|