Партыя БНФ » Дзяніс Мандзік з Барысава: «Хацелася б, каб у Беларусі людзі не шукалі падвох, а проста дапамагалі адзін аднаму»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дзяніс Мандзік з Барысава: «Хацелася б, каб у Беларусі людзі не шукалі падвох, а проста дапамагалі адзін аднаму»

Дададзена 25.01.2023 1:14:39 | 254 праглядаў

Былы старшыня Моладзі БНФ цяпер жыве і вучыцца ў Познані, піша музыку і марыць вярнуцца ў родную краіну.

Дзяніс Мандзік пакінуў Беларусь восенню 2020 года, у сакавіку 2021-га да яго прыйшлі з ператрусам, вынеслі тэхніку і сказалі, што цяпер малады чалавек падазроны па крымінальнай справе. Больш дадому наш герой не вяртаўся. Зараз беларус жыве і вучыцца ў Познані, піша музыку і марыць вярнуцца ў родную краіну.

Хто такi Дзяніс Мандзік

Дзяніс нарадзіўся ў 1999 годзе ў Барысаве, там пражыў амаль 17 гадоў. Пасля паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску. У 2017 годзе студэнта адлічылі з БДТУ. Мандзік далучыўся да «Моладзі БНФ» у 2015 годзе, праводзіў некалькі кампаній «Моладзі БНФ». У 2016 годзе — за рэабілітацыю Ларысы Геніюш, таксама выступаў за льготны праезд для студэнтаў, збіраў подпісы за пашырэнне ўжывання беларускай мовы на афіцыйным узроўні, атрымліваў штрафы за збор подпісаў і абарону Курапат, браў удзел у арганізацыі канцэрту да стагоддзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі.

Быў затрыманы на пікеце супраць дзедаўшчыны ў арміі ў межах грамадскай кампаніі «Білет на той свет». У вераснi 2018 года быў абраны новым кіраўніком «Моладзі БНФ». Праз паўгады пакінуў гэтую пасаду, бо «моцна захапіўся музыкай». У 2020 годзе быў некалькі разоў затрыманы. З восені 2020 жыве ў Польшчы.

Зараз вучыцца ва ўніверсітэце Адама Міцкевiча на кірунку «Гульнязнаўства» (спецыяльнасць, звязанная з камп’ютарнымі гульнямі. Аўт.).

«Калі ты сам сядзіш — гэта не тое ж самае, калі сядзяць твае сябры, і ты хвалюешся за іх»

— Я пераехаў у 2020 годзе па нагодзе таго, што маіх сяброў пачалі затрымліваць: хтосьці сядзеў на соднях, кагосьці пачалі забіраць па крымінальных справах, — распавядае Дзяніс.

— Пераехаў у верасне. Апошні мой дзень у Беларусі выглядаў так: мая блізкая сяброўка выходзіла з турмы, я хацеў яе сустрэць, таму затрымаўся на дзень. Пасля гэтага адразу з’ехаў на аўтобусе. Была небяспека, што за мной таксама могуць прыйсці. Дарэчы, гэта было не без падставаў, як потым і адбылося. Я займаўся рознымі актыўнасцямі, быў у розных арганізацыях, часам нават свяціў сваім тварам, таму былі хваляванні, што мяне могуць затрымаць.

Сядзець я не хацеў, таму што вельмі люблю свабоду, волю, люблю рабіць музыку. Калі б апынуўся за кратамі, разумею, што было б прасцей маральна. Калі ты сам сядзіш — гэта не тое ж самае, калі сядзяць твае сябры, і ты хвалюешся за іх. Калі ты там ужо сядзіш, то сітуацыя выглядае так, што ты разумееш, што нічога зараз не зможаш зрабіць, ты прыстасоўваешся да такога новага жыцця.

На Новы год Дзяніс паспеў з’ездзіць у Беларусь і забраць сваю жонку, з якой ажаніўся перад пратэстамі ў жніўні 2020. У студзені 2021 года яны разам пакінулі Беларусь, і з таго часу наш герой больш не вяртаўся туды:

— 7 сакавіка 2021 года прыйшлі да мяне дадому. Зрабілі такі падарунак маёй маці наперэдадні свята. Быў вобшук там, дзе я жыў да 17 гадоў; маіх рэчаў там асабліва не было. Вынеслі тэхніку, сказалі, што я падазроны па крымінальнай справе, пасля чаго яны месяц ці больш утрымлівалі наш хатні камп’ютар. Аддалі, нічога не патлумачылі, нічога не сказалі. На той момант у мяне быў такі стан, што я не ведаў, будуць судзіць ці не, таму вырашыў не прыязджаць у Беларусь.

«Раставіў усе кропкі над «і», сам перад сабой адкрыўся, мне зрабілася лягчэй, і я тады запісаў альбом»

Зараз Дзяніс жыве ў Познані. Разам з сябрам ён здымае дом, дзе ў падвале будуе студыю гуказапісу. Агулам адчувае сябе добра:

— Падчас усяго гэтага трындзеца, які адбываўся апошнія гады, было вельмі цяжка, калі казаць пра псіхічны стан. Бывалі розныя перыяды: бывалі вельмі цяжкія, нават дэпрэсіўныя, бывалі «адлігі», калі было прасцей, але зараз азіраюся назад і разумею, што гэта быў не лепшы час. Разам з блізкімі людзьмі, няспыннай працай на карысць Беларусі, усё перажыў.

Калі музыка толькі прыехаў у Польшчу, было цяжка з творчасцю. Паўгады нічога не пісаў, але потым пад канец свайго першага лета ў Польшчы, калі працаваў у гарах, злавіў творчы парыў:

— Адпачнуў крыху галавой, раставіў усе кропкі над «і», сам перад сабой адкрыўся, мне зрабілася лягчэй, і я тады запісаў альбом. Выдаў яго ў 2021 годзе восенню.

Пасля гэтага быў доўгі перыяд апатыі. На дзіва роўна праз год я зноў быў у гарах, мяне гэтак жа прарвало. Напісаў вельмі шмат новага матэрыялу. Адну песню выдаў напрыканцы мінулага года. Спадзяюся, што ў хуткім часе ўсе пачне выходзіць. Лічу, што ў гэтым плане ўсё даволі добра, нават калі параўноўваць з мінулым годам. 

На пытанне, ці сутыкаўся з дыскрымінацыяй беларусаў, адказвае:

— С дыскрымінацыяй не сустракаўся, але шмат чуў. Сапраўды месца такому было, на жаль, шмат: ад таго, што не хацелі браць на працу, да фізічнага гвалту. Справа не ў тым, што палякі расісты, а ў тым, што паўсюль ёсць дурныя людзі, якіх хапае і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў любой іншай краіне.

«За тую ж працу, якую я выконваў у Менску за 1000 рублеў, тут я атрымліваю 1000 даляраў»

Хлопец распавядае, што даволі хутка, але выпадкова знайшоў сабе працу:

— Мой сябра паехаў у горы, дзе здарылася аварыя: уначы ён у лесе перагарнуўся на ровары, пашкодзіў сабе рэбры. Ён пагрукаўся ў першыя дзверы, якія пабачыў, застаўся там ночыць. Пазнаёміўся з гэтымі людзьмі. Праз пэўны час іх сябар, у якогла ёсць рэстаран з гатэлем у гарах, а ў Познані — рэстаран і клуб, шукаў людзей на працу. Нас запрасілі папрацаваць.

У Беларусі Дзяніс працаваў шмат кухарам, таму яго ўзялі на адмысловую працу, а яго сябра — афіцыянтам:

— Мы хутка «ўліліся». Гэта добрыя людзі, якія шмат нам дапамагалі. Мы таксама па магчымасцi намагаліся дапамагаць, калі прасілі аб нечым, нават пераступалі праз свае планы. У нас склаліся вельмі добрыя «сямейныя» стасункі; нас запрашалі на вячэры, на Раство і Вялікдзень, карпаратывы, у паходы ў горы. Вельмі пашанцавала нам.

Цяпер сябры ўжо там не працуюць:

— Я стаміўся ад працы кухарам, вырашыў пабыць крыху фрылансерам. Зараз займаюся больш актыўнасцямі, якія скіраваныя на Беларусь, працягваю сваю дзейнасць у грамадска-палітычным і  культурным жыцці, працягваю пісаць музыку, што з’яўляецца самай важнай часткай майго жыцця. Гэта дае мне магчымасць трымаць ментальную сувязь з радзiмай.

Малады чалавек дадае, што моўнага бар’еру не было, таму што перад тым, як ён пайшоў на працу, праходзіў курсы польскай мовы, вывучаў яе і самастойна:

— На пэўным узроўні, каб стасавацца з людзьмі, я ўжо быў. Потым, калі патрапіў у калектыў, дзе з большага былi палякі, то даволі хутка падцягнуў свой моўны узровень.

На пытанне, ці ёсць розніца, калі працуеш у Беларусі і ў Польшчы, адказвае:

— Ёсць як мінімум у заробку, як максімум — у стаўленні людзей, хто з’яўляецца тваімі працадаўцамі або калегамі. Тут зусім іншы падыход да жыцця. Магчыма, мне пашансіла, і я не пабачыў прыкладаў кепскага стаўлення. Ментальна вельмі адчуваецца розніца. Пра заробак: за тую ж працу, якую я выконваў у Менску за 1000 рублеў, тут я атрымліваю 1000 даляраў. Розніца ледзь не ў тры разы.

«На папярэднюю кватэру сыходзіла каля 30% майго капіталу, зараз — 10%»

Жыллё шукалі разам з сябрамі. Па словах героя, гэта не было нейкім складаным чэленджам, але сябры змянілі шмат кватэраў:

— Здымаць жыллё дорага, канешне, калі глядзець на менскія кошты да 2020 года, калі я здымаў кватэру там. Але ўлічваючы тое, колькі тут можна зарабляць, калі працаваць, улічваючы, што студэнтам плоцяць стыпендыю, то агулам гэта адэкватныя кошты. Не моцна б‘е па кішэні, можна жыць. На папярэднюю кватэру сыходзіла каля 30% майго капіталу, зараз — 10%.

Кошты на прадукты адрозніваюцца ад беларускіх. Нават для тых, хто прыязджае з Беларусі ў госці, кажа, што з іх заробкамі ў Беларусі ім зараз танней жыць у Польшчы. Кошты ніжэй. Улічваючы гэты факт, я разумею, што і якасць прадуктаў, якія я ўжываю, увогуле разнастайнасць прадуктаў нашмат большая, чым я мог дазволіць у Беларусі.

На радзіме ў беларуса ёсць дом, дзе ён выгадаваўся:

— Вядома, што дома прыемней, але не наракаю на ўмовы, у якіх жыву зараз. Мне ўсё падабаецца.

У маім доме ў Познані шмат усяго беларускага. Я вельмі люблю такія рэчы. Куды не паглязі, ёсць нешта баларускае. Кубачкі, сцікеры, плед з беларускага лёну. Кожны раз, калі прыязджаюць сябры або сваякі, я прашу прывесці мне вестку з дому. З такога цікавага — беларуская зямля у шкляначцы, якую я павесіў на бусы і нашу час ад часу на шыі. Гэта таксама вельмі моцна дапамагае. Ёсць сакральнае адчуванне прысутнасці дома, гэта дае моц.

Сцяг, вядома, ёсць. Я з’язджаў, бо разумеў, што буду пачынаць новае жыццё, таму браў больш практычныя рэчы. У мяне ёсць плыта «Мроі» — для праігравальніка. Яго мне сябры падарылі на дзень народзінаў, і вось нядаўна ў мяне з’явілася такая гістарычная каштоўнасць.

«Вельмі файна мець магчымасць не залежыць ад кагосьці і займацца тым, што табе падабаецца, нават калі гэта не прыносіць шмат грошай»

Дзяніс пазнаёміўся шмат з якімі людзьмі, але ён прызнаецца, што не атрымаў новых сяброў:

— Для мяне маё сяброўства — гэта нешта вельмі моцнае. Скажу, што атрымаў шмат прыемных і карысных кантактаў. У Познані вельмі развіта беларуская дыяспара. Напачатку, калі толькі прыехаў, прасіў нейкую дапамогу. З цягам часу ўжо спыніўся звяртацца, бо там хапае людзей, якім трэба дапамагчы, а я ужо больш-менш змог уладкаваць сваё жыццё.

У мяне ёсць сябры, якія ў цяжкія фінансавыя часы звярталіся да звычайных незнаёмых беларусаў, і ім дапамагалі. Тут шмат паслуг. У нас ёсць барбершопы, адкрытыя беларусамі, шмат цудоўных дзяўчат, якія робяць манікюры, касметныя розныя паслугі. Для беларуса, які толькі пераязджае, ёсць усе умовы, каб хутка адаптавацца, і дакладна чалавек не застанецца адзін, і яму абавязкова дапамогуць.

Я зараз зрабіў сабе вольны графік жыцця, сам распараджаюся сваім часам. Вельмі файна мець магчымасць не залежыць ад кагосьці і займацца тым, што табе падабаецца, нават калі гэта не прыносіць шмат грошай.

Сапраўды, калі сканцэнтраваць увагу на чымсьці канкрэтным, то любую справу можна давесці да манетызацыі, і можна за гэта потым жыць. Прыемней працаваць на сябе, чым на дзядзю.

Як студэнту, Дзянiсу вельмі танна падарожнічаць па Польшчы, іншым краінам Еўропы:

— Адзінае, што жыццё ў некаторых краінах даволі дарагое, таму калі едзеш у такую краіну, трэба разумець свае магчымасці.

Напрыканцы Дзяніс дадае:

— Людзі ў Польшчы вельмі адкрытыя, любяць дапамагаць іншым. Як пачалася вайна ва Ўкраіне, я бачыў, як моцна простыя людзі дапамагалі ўкраінцам, якія прыязджалі сюды.

Звычайныя палякі зрабілі шмат для ўкраінцаў. Гэтай адкрытасці беларусам не хапае. Хацелася б, каб у Беларусі людзі не шукалі падвох, а проста дапамагалі адзін аднаму.

Гэтага, на жаль, мала, і з цягам часу становіцца менш. Яшчэ важна, што палякі вельмі любяць сваю краіну, нягледзячы на шмат праблем, з якімі яны разбіраюцца. Яны любяць краіну, дзе нарадзіліся, яны памятаюць сваю гісторыю. Гэта вельмі важна, каб быць годнай нацыяй. На жаль, у вялікай частцы беларусаў, асабліва, хто дагэтуль жыве ў Беларусі, такой рысы няма.

Я мару, каб вайна скончылася хутчэй, каб не паміралі людзі, каб вайна скончылася перамогай Украіны, каб Расія спыніла суваць свае лапы ў нашы краіны, у Беларусь у тым ліку. Мару хутчэй вярнуцца дадому, каб проста пабачыцца з блізкімі людзьмі, патрапіць у месцы, якія даўно не бачыў. Настальгія здараецца, і гэта вельмі моцна, цяжка перажываць. Шмат думак з’яўляецца, вельмі хочаццам мець магчымасць вяртацца дадому.

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.