Ніну Багінскую затрымлівалі на Дзень Волі
Дададзена 26.03.2023 12:43:55 | 172 праглядаў Сябра Сойму Партыі БНФ Ніна Багінская была затрыманая ў Дзень Волі — яе выпусцілі толькі ўвечары.
У дзень Волі, 25 сакавіка, у Мінску затрымлівалі Ніну Багінскую. А 12:30 сілавікі прыйшлі за ёй дадому і без усялякіх тлумачэнняў прывезлі ў РУУС Першамайскага раёна.
Спадарыню Ніну пратрымалі ў міліцыі да позняга вечара — яе адпусцілі з пастарунку толькі бліжэй да 21-й гадзіны.
Не выключана, што менавіта такім чынам міліцыянты вырашылі не даць магчымасці «нязломнай Ніне» выйсці на цэнтральную плошчу сталіцы з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам. Яна так рабіла ва ўсе часы, нягледзячы на іх суровасць.
Цягам апошніх тыдняў
сілавікі амаль штодзённа ладзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў розных
рэгіёнах краіны. Пасля гэтага на некаторых затрыманых складалі
адміністрацыйныя пратаколы за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і
несанкцыянаванае пікетаванне.
З 15 сакавіка было
асуджана не менш за 166 беларусаў паводле палітычных артыкулаў — гэта
без уліку Менска. Так, рэйды сілавікоў адбываліся ў Пінску, Мёрах, Оршы,
Сянне, Глыбокім, Мазыры, Берасці, Івацэвічах, Лепелі, Полацку,
Наваполацку, Гомелі ды іншых гарадах.
|