Партыя БНФ ды іншыя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі заклікалі Літву не прымаць абмежавальных захадаў да беларускіх грамадзянДададзена 29.03.2023 12:16:52 | 210 праглядаў Некалькі беларускіх партый і грамадзкіх аб’яднаньняў прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі Літву не прымаць закон, які абмяжуе правы грамадзян Беларусі. ![]() Заява дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі прынятая і падпісаная 28 сакавіка 2023 году. Ад імя Партыі БНФ заяву падпісаў намесьнік старшыні партыі Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка Партыі БНФ у час адбыцьця дзейсным старшынём партыі Рыгорам Кастусёвым дзесяцігадовага тэрміну зьняволеньня. Таксама да заявы далучыліся прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, БХД, АГП, БСДП, Беларускай партыі «Зялёныя» ды іншых аб’яднаньняў. «Мы, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і арганізацый Беларусі, зьвяртаемся да лідэраў Эўрапейскага зьвязу, а таксама да ўрадаў краін – сяброў ЭЗ з заклікам не дапусьціць ізаляцыі беларускага грамадзтва ад дэмакратычнага сьвету. Заклікаем не прымаць абмежавальных мер у дачыненьні грамадзян Беларусі разам з прыняцьцем падобных захадаў у дачыненьні грамадзян Расеі. Беларускае грамадзтва, у адрозьненьні ад расейскага, выступае супраць увядзеньня беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. У сваёй заяве партыі грамадзкія аб’яднаньні акцэнтуюць увагу на тым, што закон «Аб абмежавальных мерах у дачыненьні ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне», які разглядаецца Сэймам Літвы, «абмяжоўвае беларусаў у праве на перамяшчэньне, магчымасьці атрыманьня візаў і легалізацыі ў Літве». «Прыняцьце гэтага закону будзе яшчэ адным крокам да ўсталяваньня жалезнай заслоны паміж беларускім грамадзтвам і дэмакратычным сьветам», — адзначаюць у лісьце. Як пішуць аўтары ліста, большасьць беларусаў, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 году, застаецца ў Беларусі. Дзясяткі тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць краіну і цяпер арганізуюць падтрымку дэмакратычнага руху з-за мяжы і выступаюць супраць расейскай ваеннай агрэсіі. Рэпрэсіі працягваюцца, а сем’і тысяч палітзьняволеных у Беларусі працягваюць існаваць у цяжкіх матэрыяльных умовах. «Перакананыя, што магчымасьць свабоднага перамяшчэньня, навучаньня, працы і вядзеньня бізнэсу беларусамі ў краінах ЭЗ зьяўляецца адзіным эфэктыўным сродкам падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі Эўропай», — гаворыцца ў заяве. Магчымае прыняцьце закону ў літоўскім Сэйме, а таксама абмежаваньні ў выдачы візаў з боку Чэхіі, Польшчы і іншых краін аўтары дакумэнту лічаць «трагічнай перашкодай у выратаваньні беларусаў ад рэпрэсій і будзе ўспрынята беларускім грамадзтвам як абясцэньваньне дэмакратычных памкненьняў і антываеннай пазыцыі беларусаў». «Верым, што салідарнасьць зь беларускім народам у яго барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю зьяўляецца нязьменным прынцыпам эўрапейскай палітыкі. Выказваем сваю ўдзячнасьць эўрапейскім краінам і ў тым ліку Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, а таксама дапамогу беларускім палітычным эмігрантам». Таксама дэмакратычныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі падзяляюць заклапочанасьць замежных калег праблемай бясьпекі і гатовыя да абмеркаваньня існуючых праблем і выпрацоўкі сумесных рашэньняў. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|