Партыя БНФ » Лідэры
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэры

Старшыня i намесьнiкi старшыні Партыi БНФ

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Кастусёў 32Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Ад 12 красавіка 2021 года Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў зьняволеньні па крымінальным абвінавачаньні ў змове ці іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ар. 357 Крымінальнага кодэкса).


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

12442790_1061879460520428_170699597_nНарадзіўся 30 чэрвеня 1976 году ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1997), спэцыялізацыя – кіраваньне зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю; вучыўся ў асьпірантуры БДЭУ (2003-2004).

Працаваў выкладчыкам эканомікі ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа (2002-2003), намесьнікам генеральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства “Аркадзія” (2004-2005).

Сябра Партыі БНФ (з 1996), сябра Сойму Партыі БНФ (з 1999), намесьнік старшыні Партыі БНФ (2003-2009, 2017-2020). Быў дэлегатам устаноўчага Сойму “Маладога фронту” (1997), сябрам цэнтральнай рады (1997-2000), намесьнікам старшыні “Маладога фронту” (1999-2000).

У 2009 г. абраны Старшынём Партыі БНФ, на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 года ўзначальваў выбарчы штаб кандыдыта ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У 2011 і ў 2014 гадах пераабраны Старшынём партыі БНФ. У 2017 годзе пакінуў пасаду лідэра партыі ў сувязі з унесенай ў 2011 годзе ў партыйны статут забаронай займаць пасаду старшыні больш за два тэрміны.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны намесьнікам старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 2003 і 2007 гадоў, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – у 2004, 2008 і 2016 гадах. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з  парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.

Беларус. Рыма-каталік. Нежанаты.


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін

Зьміцер СалошкінНарадзіўся 27 ліпеня 1970 году ў Менску. Скочыў Беларускі дзяржаўны медінстытут (1995) па спецыяльнасьці педыятрыя.

Адзін са стваральнікаў першай незалежнай студэнцкай арганізацыі Беларусі “З’адзіночаньне Беларускіх Студэнтаў” (1989).

З 1995 па сёньняшні дзень працуе лекарам-рэаніматолагам РНПЦ “Маці і дзіця”.

Працаваў выкладчыкам спартыўнай медыцыны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Сябра Партыі БНФ з 1995 году.

Вылучаўся кандыдатам на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2004 годзе.

Адказны сакратар Управы Сойму Партыі БНФ з 2013 году.

Сябра Сойму Партыі БНФ з 2014 году. 30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны намесьнікам старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Жанаты. Мае 4 дзяцей.


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў

Юрыст, спецыяліст па грамадзянскім праве.

Рамеснік, у прадпрымальніцкай дзейнасці з 1998 года.

Беларускі нацыяналіст.

Старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ. 30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны намесьнікам старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Эксперт у галіне рэгіянальнага развіцця. Неаднаразова вылучаўся кандыдатам у дэпутаты па Гародні. У 2019 годзе быў адным з арганізатараў нацыянальнага адзначэньня 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Беларус, праваслаўны. Разам з жонкай выхоўвае трох сыноў.

 


Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч

МЕляшкевіч (2)Нарадзіўся ў 1982 у Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) у сям’і выкладчыкаў. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча – аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху. У 1993 годзе, у час перасяленьня пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, сям’я пераехала ў Менск у мікрараён «Малінаўка-4″.

Вучыўся ў СШ №206 у Малінаўцы, пасьля ў СШ №113 з хіміка-экалягічным ухілам. У 2007 скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўніверсітэт на кафедры «Біятэхналёгіі і біяэкалёгіі» па спэцыяльнасьці «Біяэкалёгія». Акрамя беларускай і рускай, размаўляе на англійскай і польскай мовах.

Займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 года. З 2004 Сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

З 2011 года працуе ва ўласным бізнэсе.
Ад 2011 да 2013 года быў дырэктар кампаніі «Мелвінд».
Ад 2013 да 2020 года быў дырэктарам турыстычнай кампаніі «Куфэрак падарожжаў».
Ад 2019 года сузаснавальнік і дырэктар кампаніі «ВерусІНН Вінакурня», а таксама кіраўнік у іншых камэрцыйных праектах.

Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” у лістападзе 2020 году.

Жанаты. Жонка Ганна педагог-псыхолаг. Разам выхоўваюць сына Станіслава і дачку Яніну.

 

 

 

 

 

 

 

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.