Партыя БНФ

http://narodny.org/bnf/naviny/aficyjna/181.shtml

Перадвыбарчая плятформа Партыі БНФ

Партыя БНФ ідзе на прэзыдэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ – старэйшая палітычная сіла Беларусі, партыя, якая заўсёды ў сваёй дзейнасьці кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі і ня здраджвала сваім  прынцыпам.

Свабода і адказнасьць

Эканамічны рост

Незалежнасьць і Эўраатлянтычны выбар

Перадвыбарчая плятформа Партыі БНФ

 

Шаноўныя суайчыньнікі!

Партыя БНФ ідзе на прэзыдэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ – старэйшая палітычная сіла Беларусі, партыя, якая заўсёды ў сваёй дзейнасьці кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі і ня здраджвала сваім  прынцыпам.

Зараз грамадзка-палітычная сытуацыя ўнутры краіны і выклікі звонку вымагаюць, каб на палітычнай сцэне ізноў прагучаў голас нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Партыя БНФ мае адказы на выклікі часу.

 “Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё” – вось наш прынцып. 

На пасадзе прэзыдэнта кандыдат ад Партыі БНФ зробіць усё для рэалізацыі гэтага прынцыпу згодна з палажэньнямі Праграмы Партыі БНФ і  каштоўнасьцямі, закладзенымі ў Дэклярацыі Беларускага Незалежніцкага Блёку.

СВАБОДА І АДКАЗНАСЬЦЬ. Вяртаньне да прынцыпу законнасьці і разьдзяленьня ўладаў – наша першачарговая задача. Беларусь павінная стаць прававой дзяржавай. Гэта немагчыма без дэмантажу сёньняшніх прынцыпаў улады і кіраваньня.

-         Скліканьне Канстытуцыйнага сходу павінна стаць сродкам вырашэньня пытаньняў пабудовы грамадзка-палітычнага ладу вольнай і незалежнай Беларусі. Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сыстэмы прэзыдэнцкага кіраваньня да парлямэнцкай рэспублікі.  Канстытуцыйны сход распрацуе часовыя канстытуцыйныя палажэньні і  мэханізм прыняцьця новай Канстытуцыі, а таксама прызначыць Камісію па прававой рэформе і Камісію па люстрацыі. На пераходны пэрыяд Урад народнага даверу будзе сфармаваны па пазапартыйным прынцыпе на тэрмін да правядзеньня свабодных выбараў Парлямэнту.

-         Скарачэньне дзяржапарату будзе нашай першачарговай задачай. Карупцыя, што апанавала лукашэнкаўскі рэжым, – гэта ракавая пухліна, што паразітуе на беларускай нацыі. Скіданьне ярма бюракратыі і карупцыі будзе адбывацца адначасова з скасаваньнем органаў палітычнага перасьледу і спэцслужбаў, што абслугоўваюць інтарэсы існай уладнай групоўкі.

-         Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМІ будуць сапраўднай “чацьвертай уладай”, якая дапаможа зьнішчыць усе праявы карупцыі. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполія на тэлебачаньне і радыё.

-         Перагляд недэмакратычна прынятага заканадаўства ёсьць надзвычай важнай задачай. Дзеля яе вырашэньня Канстытуцыйным сходам будзе створаная адмысловая Камісія па прававой рэформе, якая пазначыць кірункі, прыярытэтныя для рэфармаваньня. Мы бачым першачарговымі задачамі стварэньне заканадаўчых гарантыяў для справядлівасьці незалежнай судовай сыстэмы і свабоды слова.

-         Злачынствы аўтарытарнага рэжыму не павінныя застацца без пакараньня. Мы ня можам сабе дазволіць забыцца на палітычна матываваныя зьнікненьні, зьбіцьцё дэпутатаў Парлямэнту і шматлікія факты рэпрэсіяў супраць вольнадумцаў. Усе факты парушэньня законнасьці мусяць быць расьсьледаваныя аб’ектыўна. Дзеля гэтага будзе створаная камісія па люстрацыі з шырокімі паўнамоцтвамі і ясным мэханізмам перадачы назапашаных матэрыялаў і вынікаў сьледзтва ў органы пракуратуры і суд.

-         Нацыянальная сыстэма абароны правоў чалавека і справядлівасьці, якая цяпер адсутнічае ў Беларусі, будзе створаная новаабраным прэзыдэнтам у неадкладным парадку. Яна будзе ўключаць у сябе незалежны і справядлівы суд, упаўнаважанага па правах чалавека.  Старыя спэцыяльныя службы будуць скасаваныя, КДБ будзе распушчаны, а ягоная дзейнасьць, таксама як і дзейнасьць ягоных папярэднікаў, расьсьледаваная Камісіяй па люстрацыі. Новыя спэцыяльныя службы будуць створаныя са спэцыялістаў, не заплямленых палітычнымі рэпрэсіямі.

ЭКАНАМІЧНЫ РОСТ.

-         Партыя БНФ абяцае зрабіць усё, каб у выніку справядлівай зямельнай рэформы прыватная ўласнасьць на зямлю стала гаспадарчым падмуркам новай дэмакратычнай Беларусі.

-         Будуць створаныя вольныя ўмовы для разьвіцьця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

-         Мытныя пошліны на ўсе віды тавараў, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, павінныя быць скасаваныя. 

-         Эканамічная інтэграцыя з Эўразьвязам азначае доступ нашай прадукцыі на эўрапейскія рынкі. Але пры гэтым для нашай краіны для захаваньня канкурэнтаздольнасьці ў глябальным асяродзьдзі жыцьцёва неабходная мадэрнізацыя эканомікі. Лукашызм як відавочна састарэлая форма кіраваньня ёсьць вынікам захаваньня састарэлых формаў вытворчасьці. Прыярытэтам у інвэстыцыйнай палітыцы будзе прыцягненьньне эўрапейскіх сродкаў дзеля стварэньня сучаснай прамысловасьці і новых  працоўных месцаў.

-         Указам новага прэзыдэнта будзе створаны празрысты і некарумпаваны парадак заахвочваньня замежных інвэстыцыяў.

-         Увядзеньне моцнай нацыянальнай валюты – талера – арыентыр для грашова-фінансавай палітыкі. На бліжэйшы пэрыяд мэтай будзе правядзеньне пісьменнай і разважлівай грашова-фінансавай палітыкі з мэтай пераадоленьня наступстваў сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Падаткавыя стаўкі будуць істотна паменшаныя.

 

НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ І ЭЎРААТЛЯНТЫЧНЫ ВЫБАР. Нацыянальныя інтарэсы, а не зацікаўленасьці асобных груповак, павінныя быць асновай зьнешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь ёсьць неад’емнай часткай эўрапейскай цывілізацыі. Таму эўрапейскі шлях нашай краіны – гэта не пытаньне геапалітычнага хістаньня паміж Масквой і Брусэлем, а сьвядомы і асэнсаваны ўдзел у эўрапейскіх структурах у якасьці паўнапраўнага зацікаўленага боку.

 

-         Перагляд усіх міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, стане гарантыяй незалежнасьці нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы і падобных утварэньняў парве ланцугі, што прывязваюць Беларусь да Крамля.

-         Незалежнасьць нашай краіны ня будзе трывалай да той пары, пакуль яна не забяспечваецца культурнымі чыньнікамі. Дзеля іх стварэньня першым указам новага прэзыдэнта будзе указ аб вяртаньні спрадвечных нацыянальных беларускіх сымбаляў – Пагоні і Сьвятога Бел-Чырвона-Белага сьцягу. Другім указам будуць створаныя дзейсныя мэханізмы падтрымкі і пашырэньня ўжываньня беларускай мовы. Органы дзяржаўнай улады і іншыя дзяржаўныя арганізацыі павінныя функцыянаваць па-беларуску, а законы і іншыя нарматыўна-прававыя акты мусяць пісацца на беларускай мове.

-         Энэргетычная незалежнасьць ёсьць неабходнай умовай палітычнай незалежнасьці нашай краіны. Мы выступаем за разьвіцьцё як альтэрнатыўнай энэргетыкі і энэргазьберагальных тэхналёгіяў, так і даказаўшых сваю эфэктыўнасьць эўрапейскіх падыходаў да разьвіцьця атамнай энэргетыкі.  Энэргетычнае супрацоўніцтва зь іншымі дзяржавамі мусіць стаць альтэрнатывай расейскаму імпэрыялізму.

-         Дэмаграфічная сытуацыя, якая склалася цяпер, пагражае незалежнасьці і самому існаваньню беларускай нацыі. Кожная сям’я пры ўзяцьці шлюбу павінная атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэньні другога дзіцёнка. Вырашэньне дэмаграфічнай праблемы немагчымае без умацаваньня сям’і. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленьняў, у які будуць пераведзеныя сродкі з усіх прэзыдэнцкіях фондаў, а таксама грошы, атрыманыя праз скасаваньне органаў палітычнанга перасьледу.

-         Дзеля ратаваньня беларускай нацыі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе неадкладна рассакрэчаная поўная і аб’ектыўная інфармацыя аб уплыве наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе нацыі; прыведзеныя санітарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджваньня, да стандартаў , прынятых у ЭЗ; палегчаная працэдура імпарту лекаў, неабходных для лячэньня анкалягічных захворваньняў; уведзеныя льготы, якія б стымулявалі дабрачынную дзейнасьць, зьвязаную з арганізацыяй лячэньня за мяжой і з увозам лекаў і мэдтэхнікі; забясьпечаная магчымасьць рэгулярных бясплатных абсьледваньняў для выяўленьня ракавых захворваньняў ці рызыкі ракавых захворваньняў сярод дзяцей і падлеткаў; павялічанае фінансаваньне адпаведных мэдычных установаў зь перанакіраваньнем сродкаў, што сёньня выдаткоўваюцца на фінансаваньне ідэалягічнай вэртыкалі зь бюджэту краіны.

 

-         Будзе пастаўленая заслона нелегальнай эміграцыі. Мяжа з Расеяй будзе усталяваная і надзейна ўмацаваная, каб забясьпечваць бесьперашкодныя стасункі паміж добрасумленнымі грамадзянамі, але абараняць Беларусь ад крыміналу.

-         Новы прэзыдэнт прыкладзе ўсе намаганьні для няўхільнага далучэньня Беларусі да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым мы выступем за тое, каб грамадзяне Расеі маглі атрымліваць беларускія нацыянальныя візы бясплатна.

-         Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай Дамовы павінная стаць гарантам незалежнасьці нашай краіны. Гэта магчыма толькі пры паўнавартасным далучэньні Беларусі да палітычных, а ў пэрспэктыве – і да вайсковых элемэнтаў эўраатлянтычнай сыстэмы бясьпекі. Указ аб пераглядзе вайскова-палітычнай дактрыны будзе падпісаны пасьля кансультацыяў з асноўнымі палітычымі суб’ектамі, кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Генэральнага штабу, і з улікам меркаваньняў маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу.  Мы выступаем за прафэсійнае войска.

-         Далучэньне Рэспублікі Беларусь да Эўрапейскага Зьвязу мусіць быць арыентырам беларускай зьнешняй палітыкі. Але гэтае далучэньне магчымае толькі на тых умовах, якія будуць выгодныя беларускаму народу і будуць адпавядаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Мы ня згодныя пазбавіцца культурнай адметнасьці дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў. Мы – за Эўропу Айчынаў!

Шаноўныя сябры і аднадумцы!

Для ўсіх нас Беларусь ёсьць адзінай і непаўторнай Бацькаўшчынай. Нашая агульная будучыня непарыўна зьвязаная зь лёсам беларускай нацыі. Разам мы здольныя дамагчыся годнага, свабоднага і незалежнага жыцьця на беларускай зямлі. Новы прэзыдэнт Беларусі ад Партыі БНФ скарыстае ўсе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы для дасягненьня гэтай мэты.