Пачатак > Навіны > Афіцыйна > Тое, што робіць нас лепшымі

 

Тое, што робіць нас лепшымі

27.04.2011
Сімволіка Моладзь БНФ

Так называецца фотавыстава, адкрыццё якой адбылося ў Оршы. 

Напачатку вясны  Аршанская суполка Моладзі БНФ выступіла з ідэяй сабраць шэраг фотаработ, якія выклікаюць пазітыўныя эмоцыі, і лепшыя з іх выставіць для прагляду сябрам і калегам. На думку ініцыятараў выставы гэта павінна спрыяць стварэнню добрага настроя, крэатыву. 

Гэту ідэю падтрымалі як актывісты палітычных арганізацыяў і НГО, так і проста школьнікі і студэнты. І ў выніку калектыўнай працы выстава адкрылася. На ён прадстаўлена 19 прац ад аўтараў з Оршы, Віцебска і Талачына. 

На адкрыццё прыйшло каля 15 чалавек. Кампетэнтнае журы папярэдне вызначыла пераможцаў. Імі сталі вучаніца СШ № 21 горада Віцебск Марыя Дарашэвіч (1 месца), студэнтка, што вырашыла застацца пад таямнічым псеўданімам Kofani (2 месца) і жыхар Оршы Канстанцін Анташкевіч (3 месца). Ім былі ўручаныя спецыяльныя прызы і адпаведныя дыпломы. Акрамя таго прысутныя мелі магчымасць пачаставацца адмысловым гатункам шакаладу, які быў зроблены да адкрыцця гэтай выставы. 

Усе ўдзельнікі цырымоніі выказалі сваю ўдзячнасць арганізатарам за стварэнне пазітыўнага настроя. І сапраўды, амаль кожны адзначаў, што пасля прагляду прац, у памяшканні стала нават неяк святлей і ўтульней. На тварах прысутных было шмат усмешак і ніхто не скупіўся на заслужаныя кампліменты.

Падобная фотавыстава - першая акцыя падобнага кшталту для аршанскай моладзі БНФ. Моладзь БНФ плянуе арганізаваць прэзэнтацыі фотавызтавы і ў іншых гарадах Беларусі.